У працэсе адраджэння нацыянальнай культуры і самасвядомасці важнае месца належыць фальклору - асноўнаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў.
На практыцы ў дашкольным выхаванні ўдзяляецца мала ўвагі нацыянальнаму фальклору, нягледзячы на тое, што беларускі народ мае багатую фальклорную спадчыну, створаную спецыяльна для дзяцей.
Вельмі добра падыходзіць музычны фальклор, які па сваей прыродзе пранізаны элементамі народнага тэатра, гульнямі, пантамімай.
Падбіраючы для працы з дзецьмі найбольш эфектыўныя формы, метады і сродкі, трэба ўлічваць, што працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці доўгі і складаны, і пачынаць яго трэба перш за ўсе з азнаямлення з родным краем, непасрэдна ўключваючы сродкі вуснай народнай творчасці.
У Ι і ΙΙ малодшых групах , праводзячы назіранні за прыгажосцю роднай прыроды, неабходна чытаць вершы, забаўлянкі, загадкі неабходна адраджаць выкарыстанне твораў вуснай народнай творчасці (казак, забаўлянак, калыханак, песен, гульняў) у час рэжымных момантаў, у сям’і.
Пры планаванні работы з дзецьмі сярэдняй і старшай груп неабходна выкарыстоўваць розныя формы:
- пазнавальныя гутаркі ў вольнай форме,
- сумесная дзейнасць педагога з дзецьмі;
- самастойная дзіцячая дзейнасць;
- гульні, тэматычныя прагулкі і экскурсіі;
- назіранні ў прыродзе;
- святы і забавы.
Малыя фальклорныя жанры- мініяцюрныя паэтычныя творы, створаныя для дзяцей, якія маюць канкрэтны педагагічны кірунак. Яны ўпрыгожваюць мову педагога, робяць яе вобразнай і прыгожай, прыцягваюць увагу дзяцей. Забаўлянкі, пястушкі прыносяць радасць дзецям, выклікаюць у іх жаданне паўтараць словы за дарослымі, выконваць заданні выхавальніка, удзельнічаць у агульных гульнях.
Пястушкі выкарыстоўваюцца педагогамі ў розных рэжымных момантах: пад гукі гэтых вершаў і песень дзеці ахвотна мыюцца, прымаюць ежу, займаюцца. Жыццё дзіцяці становіцца цікавейшым, ярчэйшым, а ў яго самога лепш развіваюцца памяць, мысленне, увага, маўленне, а калі яно выконвае канкрэтныя рухі, то развіваюцца каардынацыя, узгодненасць, спрытнасць. У час расказвання пястушкі спярша выкарыстоўваецца нагляднасць, потым тлумачыцца сэнс новых слоў, улічваюцца вопыт і веды дзяцей.
Калыханкі - першыя для дзяцей ўзоры мастацкага слова. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых.
Ходзіць кот па сенажаці.
Кліча сон ён ля дзіцяці.
ой, сонечку-галубочку,
Прыспі маю Волечку.
У беларускім фальклоры шмат прыказак і прымавак. Дзеці з інтарэсам успрымаюць іх кароткі змест. Многія прыказкі і прымаўкі маюць павучальнае значэнне: яны ўсхваляюць працавітасць, гаспадарлівасць, умельства, вучаць любіць родны край, Радзіму, асуджаюць гультайства, зайздрасць – усё адмоўнае. Падбіраюцца яны па канкрэтнай тэме: пра Радзіму, працу, хлеб, навуку, поры года, з’явы прыроды, народныя прыкметы.
Павучальнасць прыказак і прымавак разумеецца дзецьмі паступова, і глыбіня іх разумеецца ў большай меры залежыць ад таго, насколькі часта выкарыстоўваюцца яны ў патрэбных момантах. Асабліва часта нашы выхаванцы прымяняюць іх у працоўнай дзейнасці, пры выкананні адказных даручэнняў.
Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства.
Лічыцца, што галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека мастацка-вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рычаіснасць. У мінулым загадка служыла сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей, іншасказальная, загадкавая форма з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. Загадкі, песні-загадкі надзвачай шырока ўжываліся ў вясельных абрадах, напрыклад, з мэтай “праверкі” разумовай сталасці жаніха.
Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстроўвала гаспадарчую і творчую дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, побыт, працу, жывёльнасць, расліннасць, будову сусвету і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей.
Загадкі:
Без кораня, а расце. (Камень)
Без ног бяжыць, без воч глядзіць. (Вада)
Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)
Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)
Яркую акрэсленую выхаваўчую накіраванасць маюць беларускія народныя песні. Праз іх тэксты, лексіку дзеці ўзбагачаюць уяўленні аб наваколлі, прыродных з’явах, знаёмяцца з прыладамі працы, беларускімі назвамі месяцаў, дзён тыдня, нацыянальнымі стравамі, значна пашыраецца актыўны слоўнік.
Праз песню знаёмім выхаванцаў з лепшымі рысамі характару беларусаў: шчырасцю, чуласцю, сціпласцю, уважлівасцю. Фальклорныя песня дапамагае развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей, падрыхтоўвае да выканання пэўных сацыяльных роляў.
Заняткі па азнаямленню дзяцей з вуснай народнай творчасцю пройдуць цікава, калі да іх удзелу далучыць бабуль і дзядуль, артыстаў тэатру, супрацоўнікаў музеяў, народных майстроў.
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі варта памятаць, што першаасновай народнай педагогікі лічыцца культ працы, умелых рук і разумення свайго месца ў прыродзе, таму працоўная дзейнасць, спалучэнне яе з творамі вуснай народнай творчасці дазволіць зацікавіць дзяцей сумеснай працай.
На музычных занятках выхаванцы знаёмяцца з асаблівасцямі беларускай народнай музыкі, развучваюць беларускія танцы, спяваюць песні, знаёмяцца з народным тэатрам “Батлейка”.
Усвядомленаму імкненню дзяцей да авалодання культурнымі эталонамі, ўзаемадзеянню ў калектыве спрыяюць арганізацыя з дзецьмі ісцэніровак па казках, фантазіраванне, прыдумванне гісторый, выкананне творчага задання. Малыя формы фальклора актыўна ўключаюцца ў вядучы від дзейнасці – гульню, у дадзеным выпадку – гульню- драматызацыю. Гульні-драматызацыі даюць шырокі прастор для выяўлення ў дзяцей творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы. Жывая інтанацыя маўлення, вобразныя і свабодныя рухі, міміка, жэсты надаюць гульням дзяцей натуральнасць і праўдзівасць. Гульня-драматызацыя аказвае актывізуючы ўплыў на развіццё выразнага беларускага маўлення, паколькі яна спалучае разам гульнёвую матывацыю і камунікатыўную накіраванасць. Дзеці старшай групы могуць драматызаваць творы як для сябе, так і для маленькіх гледачоў, для сваіх бацькоў. Да гульні-драматызацыі неабходна падрыхтаваць разам з дзецьмі атрыбуты, элементы касцюмаў. Выхавацель кіруе гульнёй, нагадвае і ўдакладняе змест казкі, сочыць за дакладнасцю вобразаў.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць народныя святы і абрады. Яны задавальняюць дапытлівасць дзяцей, іх эстэтычныя патрэбы, цягу рухаў, фарміруюць творчае мысленне, пабуджаюць да супрацоўніцтва, вучаць пазнаваць беларускую культуру. Поспех засваення мастацкіх твораў залежыць ад таго, наколькі яны зразумелыя дзецям і даюць магчымасць выконваць ролі адпаведных персанажаў, песень, суправаджаць спевы мімікай, рухамі. Калі для спеваў дзяцей малодшых груп найбольш даступным песенным матэрыялам з’яўляюцца калыханкі, забаўлянкі, невялікія песенькі, то асаблівае месца ў старшых дзяцей займаюць песні, карагоды, гульні, якуія дзеці вучаць для народных свят і абрадаў.
Паспяховасць заняткаў па фарміраванню нацыянальнай самавядомасці сродкамі вуснай народнай творчасці магчыма дасягнуць з дапамогай эфектыўных метадаў і прыёмаў работы:
-сюрпрызны момант, незвычайны пачатак;
-праблемны характар становішча;
-гульнёвыя прыёмы;
-віктарыны, выставы адгадак;
-выкарыстанне прыказак , прымавак, малых форм беларускага фальклору для арганізацыі дынамічнай хвілінкі;
-творчыя заданні :”намалюй, што ўявіў”, “прыдумай сам”, “упрыгож”;
- хатнія заданні “Пагуляй у дамашні тэатр”, “Спытай у бабулі”;
-мультымедыйныя прэзентацыі;
-тэматычныя віктарыны, вечарыны, кірмашы;
-сумесныя з бацькамі святы.
Усё гэта дае магчымасць вырашыць задачы развіцця беларускага маўлення, раскрыць творчыя магчымасці дзяцей, сфарміраваць цікавасць да народнай творчасці, у гульнёвай форме далучыць дзяцей да нацыянальнай культуры.
Выкарыстанне ў працы з дашкольнікамі твораў народнай творчасці ажыўляе адукацыйны працэс, аказвае асаблівы ўплыў на выхаванне патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці.
Выхоўваючы патрыёта, нацыянальна свядомага чалавека, фальклор адначасова задавальняе патрэбу дзіцячай душы ў гульні, жарце, асваенні свету.