Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Дашкольнік і мастацкая літаратура.

Дата: 1 ноября 2021 в 11:41

 Мастацкая літаратура актыўна выкарыстоўваецца для пашырэння кругагляду дзяцей, азнаямлення з прадметамі і з’явамі прыроды, жыццём і дзейнасцю людзей. Яна дапамагае дашкольніку стварыць структуру свайго інтэлекту, устанаўліваць рознага роду сувязі: я і іншыя, я і рэчы. Яна з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай духоўнага жыцця, адкуль дзеці атрымліваюць звесткі пра рэальнасць, якую яны яшчэ не ведаюць.

Мэтай азнаямлення дашкольнікаў з мастацкай літаратурай, па словах С.Я.Маршака, з’яўляецца “фарміраванне будучага вялікага і таленавітага чытача, культурнага адукаванага чалавека”, таму знаёмства з творамі беларускіх пісьменнікаў, даступнымі для ўспрымання дзяцей, трэба пачынаць менавіта з дашкольнага ўзросту.

Изображение У сучасных умовах, часта па віне дарослых, у дзяцей губляецца цікавасць да мастацкай літаратуры. Немалаважнай прычынай аслаблення ўвагі дзяцей да чытання з’яўляецца навучальная, сацыяльная занятасць ці побытавая стомленнасць бацькоў (а часта адно і другое разам). Паступова чытанне казак, вершаў, апавяданняў ў сям’і перакладаецца на тэхнічныя сродкі камунікацыі. Спачатку бацькі звяртаюцца да мультфільмаў, дзе ў вабных фарбах і наглядным руху разгортваюцца сюжэты фальклорных і літаратурных твораў. А потым прапануюць электронныя і камп’ютарныя гульні. У пэўнай ступені яны спрыяюць развіццю лагічных здольнасцяў дзяцей, але не могуць замяніць чытанне ўслых, у час якога найбольш плённа развіваюцца ў дзяцей і духоўныя, маўленчыя працэсы, і інтэлектуальныя – уяўленне, творчая фантазія. Працяглае знаходжанне з тэхнічнымі сродкамі спусташае духоўны свет дзяцей (і дарослых таксама), робіць іх раздражальнымі і агрэсіўнымі, таму зносіны з тэлепраграмамі і камп’ютарнымі гульнямі правінны быць кароткачасовымі.

Без перабольшвання можна сказаць, што знаёмства маленькага чалавека з кнігай – гэта перш за ўсё выхаванне сэрца, далучэння да чалавечай годнасці, да ўтоеных куткоў чалавечай душы.

Творы славеснага мастацтва мэтанакіравана і гарманічна фарміруюць маральны і творчы патэнцыял дзяцей дашкольнага ўзросту. Мастацкі твор выступае для дзяцей і як узор маральных паводзін, скарбніца розных характараў і лёсаў, сімвал чысціні і міласэрнасці. На яго аснове ў дашкольнікаў выхоўваецца прынцыповасць, сумленнасць, сапраўдная грамадзянскасць. Дзіцячая кніга спрыяе паяўленню ў дзяцей пачуцця адказнасці: гэта клопат аб маленькіх, павага да старэйшых. Пад уплывам мастацкага твора ў дзяцей фарміруецца культура паводзін.

Літаратурныя творы малююць перад вачыма дзяцей усю прыгажосць роднай Бацькаўшчыны, выхоўваюць пачуццё вялікай павагі і любві да яе.

Разам з мастацкім словам уваходзіць у жыццё дзіцяці і добры мастацкі жарт. З яго дапамогай у дашкольнікаў выхоўваецца і развіваецца пачуццё гумару. На яркіх літаратурных прыкладах з дапамогай гумару дзіця хутчэй вылечваецца ад ляноты, упартасці, эгаізму.

Разам з выхаваннем высокай мастацкасці і духоўнасці літаратурныя творы з’яўляюцца першакрыніцай навучання дашкольнікаў роднай мове. Яркія вобразы, трапныя словы і выразы мастацкай літаратуры закладваюць у дзяцей асновы любві да роднай мовы, да роднай прыроды, да свайго народу, да Айчыны. Народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас пісаў: “Родае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акалючы свет. Таму неабходна старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры”.

Што жа чытаць дзецям?

Перш за ўсё неабходна чытаць творы вуснай народнай творчасці, у тым ліку і казкі. Другі пласт дзіцячага чытання – гэта творы класічнай літаратуры, якія створаны спецыяльна для дзяцей, ці тыя, што перайшлі з “дарослага”  ў разрад “дзіцячага” чытання. Да іх у першую чаргу адносяцца творы А.Пушкіна, Л.Талстога, І.Буніна, А.Купрына, А.Чэхава, К.Ушынскага, Я.Коласа, Я.Купалы, А.Блока, А.Фета, Ф.Багушэвіча, Ф.Цютчава, М.Багдановіча, В.Гюго і інш.

Народны пісьменнік Беларусі Я.Колас падкрэсліваў неабходнасць уключэння ў кола дзіцячага чытання твораў пісьменнікаў - класікаў. Ён адзначыў, што пры кожным новым прачытванні гэтыя творы адкрываюць чытачам “усё новыя думкі, настроі, пачуцці, ідэі… і трэба як найраней прышчапляць дзецям любасць да гэтых пісьменнікаў. А гэтая любасць дасягаецца толькі чытаннем”.

Трэцяя частка, якая складае кола дзіцячага чытання – гэта творы ўласна дзіцячай літаратуры, г.зн. творы, якія спецыяльна напісаны для дзяцей пэўнага ўзросту дзіцячымі пісьменнікамі К.Чукоўскім, С.Маршаком, А.Барто, Э.Агняцвет, В.Віткай і інш.

Якія ж паказчыкі адпавядаюць сапраўднай дзіцячай кнізе, як вызначыць, што гэта цікавы мастацкі твор, а не яго літаратурны падробак?

Слушныя патрабаванні да стварэння дзіцячай кніжкі былі выказаны народным пісьменнікам Беларусі Я.Коласам, які адзначыў, што твор павінен быць цікавым для дзяцей, каб выклікаць у іх ахвоту да чытання; выхоўваць спачуванне, маральную чуласць. Калі артыкул навуковага характару, то ён павінен даваць і дакладныя веды.

Да такіх кніг у першую чаргу адносяцца кнігі прыродазнаўчага характару, якія ў сваёй большасці напісаны вучонымі (В.Біанкі, М.Сладковым, Ю.Дзмітрыевым, Н.Паўлавай, Г.Скрабіцкім і інш).  Змест гэтых кніжак навукова вывераны. Яны дапамагаюць дзецям спасцігнуць прыродны свет ва ўсім яго шматабліччы, закладваюць асновы матэрыялістычнага светаўспрымання, вучаць дашкольнікаў вывучаць, берагчы і захоўваць прыроду.

Па зазначэнні К.І.Чукоўскага, вызначальным для дзіцячай кніжкі з’яўляецца яе гульнявы характар.

Добры твор для дзіцяці характарызуецца сугучнымі для дзяцінства асаблівасцямі: пастаянным рухам сюжэта, зменай сітуацый, пастаянным працэсам аднаўлення карцін жыцця, займальнасцю, даверам, добразычлівасцю, пяшчотнасцю ў адносінах да слухача.

Крыніцы:

1. Дзецям аб мастацкім слове /аўт.-уклад. В.П.Жыхар, Н.У.Васілевіч, І.М.Сапун. – Мн.: Зорны верасень, 2006. – 188 с.

2.    Дубініна, Дз.М., Старжынская, Н.С. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе /Дубініна Дз.М., Старжынская Н.С. – Мн.:Нар.асвета, 1999. – 103 с.

3.    Старжынская, Н.С., Дубініна, Дз.М. Методыка развіцця роднай мовы /Н.С.Старжынская, Дз.М.Дубініна. – Мінск:Выш.шк., 2008. – 301 с.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.